Крэўскія карані прэм’ер-міністра Ізраілю

2 сакавіка 2019
Фрагмент сцяны сінагогі ў Крэве

Аднаго разу ў пошуках радавых каранёў і магілаў продкаў у Крэва завіталі двое амерыканскіх яўрэяў. Іх цікавілі любыя звесткі пра род Мілэйкоўскіх, ці, як магчымы варыянт, – Мілікоўскіх. Глыбокімі ведамі па гэтаму пытанню я тады не валодаў, меў толькі інфармацыю пра тое, што ў міжваенным Крэве пражывала некалькі яўрэйскіх сем’яў пад такім прозвішчам, прычым з двумя варыянтамі напісання. Ведаў таксама, хоць і без падра бязнасцей, што тут нарадзіўся і жыў нейкі час Натан Мілейкоўскі, дзядуля цяперашняга прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нетаньяху.

З цікавасцю ўспрынялі нашы госці маю версію, што прозвішча, якое іх цікавіць, магло пайсці ад назвы вёскі Мілэйкава. Паразважаўшы разам, якім чынам гэта магло адбыцца, мы прыйшлі да высновы, што гэтая версія ці не найбольш праўдападобная. 

Дык якім чынам крэўскія яўрэі маглі атрымаць такое прозвішча? Мілэйкава – не горад і нават не мястэчка, сваіх яўрэяў тут быццам бы быць не магло. Праўда, як расказвалі людзі старэйшага ўзросту, усё ж два прадстаўнікі гэтага народа трымалі там калісьці млын і магазін. Магчыма, такое было здавён-даўна, і гэтых людзей па назве вёскі клікалі Мілэйкаўскімі, а на польскі манер – Мілэйкоўскімі. 

Хто ведае: ці гэтыя людзі самі жылі ў Крэве, а толькі справы вялі ў суседняй вёсцы, ці асталяваліся ў мястэчку пазней, перабраўшыся з Мілэйкава, – але надпісы на надмагільных камянях мясцовых яўрэйскіх могілкаў і старыя дакументы, што маюць дачыненне да жыцця і спраў крэўскіх яўрэяў, сведчаць пра тое, што тут некалі пражывала нямала людзей з такім ці крыху відазмененым прозвішчам. У прыватнасці, асоб, якія нас цікавяць, знаходзім сярод крэўскіх прадпрымальнікаў у статыстычны даведніку “Spis miejscowosci” за 1927 год: Мілікоўскі М. (гаспадар магазіна тканін), Мілікоўскі І. (мяснік), Мілікоўская М., Мілікоўскі Шэб. і Мілікоўскі Шм. (уладальнікі прадуктовых лавак), Мілэйкоўскі Г. (гаспадар магазіна вырабаў з жалеза). Вялікая верагоднасць, што некаторыя з іх (альбо нават усе) былі з роду, да якога належыць цяперашні прэм’ер-міністр Ізраілю.

Вылучыўшы, што Біньямін Нетаньяху мае крэўскія карані праз свайго дзядулю, варта адзначыць, што і той сам быў прыкметнай асобай у яўрэйскім асяродку. Адзін толькі факт, што яго імем названа адна з гарадскіх плошчаў у Іерусаліме, гаворыць пра многае. Сапраўды, жыццёвы шлях гэтага чалавека – яскравы прыклад адданага служэння інтарэсам свайго народа. 

Натан Мілэйкоўскі

Такім чынам, Натан Мілэйкоўскі нарадзіўся ў мястэчку Крэва 15 жніўня 1879 года. Яго бацька Цві зарабляў на жыццё тым, што здаваў у арэнду сельскагаспадарчую нерухомасць у суседняй вёсцы (ці не тое гэта Мілэйкава!). У дзесяцігадовым узросце Натан быў накіраваны на вучобу ў Валожынскі ешыбот (вышэйшую яўрэйскую рэлігійную навучальную ўстанову). Адвучыўшыся там 8 год, ён быў асвечаны на рабіна.

Яшчэ падчас вучобы ў ешыбоце Натан Мілэйкоўскі зблізіўся з актывістамі сіянісцкага руху і пачаў актыўна супрацоўнічаць з імі. Ужо тады малады студэнт праявіў сябе як выдатны прамоўца. 

Ва ўзросце 20 гадоў Мілэйкоўскі накіраваўся ў Сібір з мэтай прапаганды там ідэй сіянізму. У 1908 г. ён пераехаў у Польшчу. Працуючы дырэктарам яўрэйскай гімназіі ў Варшаве, ён працягвае шліфаваць сваё аратарскае майстэрства, выступаючы з прамовамі ў розных польскіх гарадах. 

У 1912 г. Мілэйкоўскі пачынае служыць рэлігійным прапаведнікам – магідам – у сінагозе “Бет-Якаў” у Лодзі. Частку сваіх казанняў ён прамаўляе на іўрыце, мове, якая ў той час толькі пачынала адраджацца. 

У 1920 г. Мілэйкоўскі з сям’ёй пераязджае ў Палесціну і становіцца дырэктарам школы ў горадзе Рош-Піне. У гэты час ён публікуе разнастайныя артыкулы ў яўрэйскай прэсе на ідыш і іўрыце. Некаторыя з іх ён падпісвае псеўданімам Нетаньяху (“Бог даў”), якім пазней замяняе сваё сапраўднае прозвішча, і якое затым прымаюць яго сыны. 

Біньямін Нетаньяху і яго бацька Бенцыён, сын Натана Мілэйкоўскага

У 1924 г. Мілэйкоўскі перабіраецца ў Іерусалім, адкуль хутка накіроўваецца ў Англію і ЗША з мэтай збору сродкаў для Яўрэйскага нацыянальнага фонду. На працягу некалькіх год ён з поспехам выконвае сваю місію, чытаючы лекцыі, якія карыстаюцца надзвычайнай папулярнасцю. Найбольш яскравыя яго выступленні былі апублікаваны ў кнізе “Нацыя і дзяржава”, якая ўбачыла свет у 1928 годзе.

Вярнуўшыся ў Палесціну, Мілэйкоўскі-Нетаньяху працягвае сваю рэлігійную і асветніцкую дзейнасць да самай смерці, якая надышла 4 лютага 1935 года. “Прамоўца ад Бога”, – гэтыя словы, сказаныя пра памерлага адным з яго паплечнікаў падчас развітальнай цырымоніі, – зусім не ўласцівае для такіх момантаў узнёслае развітальнае перабольшванне. Гэта – сапраўдная характарыстыка аратарскага таленту, якім валодаў ураджэнец крэўскай зямлі Натан Мілэйкоўскі.