План мястэчка Крэва, які знайшлі ў дупле векавога дрэва

2 сакавіка 2019

Найкаштоўнейшым экспанатам краязнаўчага музея крэўскай школы з’яўляецца план нашага мястэчка 1869 года. Ён адыграў важную ролю ў асвятленні многіх белых плямаў нашай мінуўшчыны.

З самой картай звязана некалькі цікавых гісторый. Адна з іх – пра яе з’яўленне ў музеі. Нібыта, трапіў дакумент сюды са схованкі, зробленай у дупле векавога дрэва. Калі тое рухнула ад старасці, вырашылі распілаваць яго на дровы. У дупле дрэва знайшлі скарб. План, які палічылі самай непатрэбнай рэччу са знойдзенага, аддалі ў школьны музей.

У той час як першая гісторыя падобна на прыгожую прыдумку, другая – ужо рэальная і зафіксаваная дакументальна.

У верасні 1924 года жыхар Крэва Васіль Аўгусцінавіч Магер накіраваў на імя старасты Ашмянскага павета заяву, у якой паведаміў, што ў 1875 годзе на свае ўласныя грошы ён набыў два планы мястэчка Крэва. А войт Крэўскай гміны Вінцэнт Кавалеўскі забраў ад яго гэтыя планы, хаця яны гміне не належалі. Свае словы Васіль Магер падмацоўвае сведчаннямі групы сталых жыхароў мястэчка. Заяўнік просіць павятовага старасту пасадзейнічаць альбо вяртанню яму саміх планаў, альбо вылучэнню з казны гміны грашовай кампенсацыі за іх.

Павятовы стараста адрэагаваў на заяву, даўшы крэўскаму войту ўказанне апытаць пералічаных у заяве сведкаў і, у выпадку пацвярджэння прыналежнасці планаў Васілю Магеру, вярнуць іх гаспадару альбо кампенсаваць грашыма.

З дакументаў справы вядома, што войт вырашыў пакінуць адзін з планаў у гміне, кампенсаваўшы Магеру яго кошт. Па апісанню, якое прыводзіцца ў акце куплі-продажу, можна зразумець, што гэта быў менавіта той план, які пазней нейкім дзіўным чынам трапіў у дупло старога дрэва, а пасля заняў сваё пачэснае месца ў музеі Крэўскай школы. Лёс другога плана, які фігуруе ў справе, пакуль невядомы.

Што ўяўляе сабой карта мястэчка

План, які захоўваецца ў Крэве – копія дакумента з фондаў Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва. Карта выканана на шчыльнай тонкай тканіне. Вялікая прыгожая пляма ад вільгаці знізу загалоўка хоць і прыдае дакументу больш архаікі, аднак робіць неразборлівымі некаторыя надпісы. У правым ніжнім куце змешчана легенда з умоўнымі знакамі. Усе гаспадаркі з пабудовамі і агародамі на плане размежаваны і пранумараваны. Многія вуліцы, вадаёмы і іншыя аб’екты на плане падпісаныя, адзначаны асаблівасці рэльефу, глебы. Асобным колерам пазначаны памешчыцкія і царкоўныя землі. Указаны некаторыя напрамкі дарог.

Дзякуючы гэтаму плану, мы маем уяўленне пра тое, дзе ў другой палове ХІХ стагоддзя знаходзіліся крэўскія культавыя пабудовы, могілкі, як праходзілі вуліцы, якую назву яны тады мелі. З яго дапамогай мы можам нейкім чынам аднавіць стан і выгляд мястэчка да моманту яго поўнага разбурэння ў час І сусветнай вайны.

Падтрымайце Kreva.Travel!