Гісторыя пра расійскага салдата і скарб млынара

2 сакавіка 2019

Франтавыя дарогі Першай сусветнай прывялі ў нашы мясціны пісьменніка Міхаіла Зошчанку. Адным са сведчанняў таго, што ён бываў у Крэве, з’яўляецца яго апавяданне “Вікторыя Казіміраўна”.

Цяжка сказаць, на праўдзе ці на выдумцы заснаваны змест твора, дзеянне ў якім адбываецца ў Крэве ў час І сусветнай вайны. Магчыма, што гэта перапляценне таго і іншага, бо пісьменнік сапраўды тут ваяваў і мог у прыдуманыя гісторыі дадаваць карцінкі з рэальнага жыцця. У апавяданні апроч усяго іншага размова ідзе пра скарб, схаваны мясцовым млынаром, які яшчэ не выехаў са сваёй састарэлай жонкай і падчаркай з месцаў баявых дзеянняў. Герой твора – расійскі салдат Назар Сінябрухаў, закаханы ў млынарову падчарку, – усялякімі шляхамі імкнецца выявіць скарб і прысвоіць. Назару, каб высачыць яго месцазнаходжанне, ўдаецца абхітрыць старога млынара і вымусіць таго звярнуцца да сваёй схованкі. Але па дарозе да патаемнага месца нямецкая куля забівае старога, і тайнік так і застаецца нераскрытым.

У выпадку, калі апавяданне заснавана на праўдзівай гісторыі, вялікая верагоднасць таго, што млынароў скарб застаецца некранутым да нашага часу.

Дарэчы, у 1923 годзе апавяданне “Вікторыя Казіміраўна” было апублікавана ў адным бельгійскім часопісе. Такім чынам, гэты твор, у якім ўзгадваецца наша мястэчка, стаў першым перакладам савецкай прозы, надрукаваным у Заходняй Еўропе.